Лета для японцаў — сезон, калі наведваюць з паломніцтвамі горы, каб прасіць у багоў і духаў гор дабраславення.

Летні сезон паломніцтва да горных бажніцаў адкрываецца фэстам Нацуяма (Natsuyama).

З надыходам цемры некалькі тысяч чалавек з паходнямі ў руках пачынаюць уражлівае шэсце з гары Дайсэн, што ў заходняй Японіі.

Шэсце пачынаецца ад бажніцы, што знаходзіцца высока на гары. Перад шэсцем сінтаісцкія святары здзяйсняюць маленне. На гары Дайсэн, лічыцца, жыве першапродак японцаў. Яе вышыня — больш за 1700 м.

У Еўропе з паходнямі і цяпер масава ходзяць на фэстах, што праводзяцца на Шэтландскіх выспах (у Паўночным моры на поўнач ад Шатландыі) з канца студзеня да сярэдзіны сакавіка. Але хадзіць з паходнямі тут не надта старая традыцыя — зусім даўно у канцы зімы па вуліцах тут цягалі падпаленыя бочкі са смалой. У 1870-я гады падпальваць бочкі пачалі забараняць, тады ўзяліся праводзіць шэсці з паходнямі.

Што да Беларусі, дык, па сведчанні газеты «Віленскі веснік», што выходзіла ў Вільні ў канцы ХІХ ст., на Купалле ў Беларусі моладзь праходзіла з запаленымі паходнямі ўсю вёску, ідучы распальваць купальскае вогнішча.

Як бачым, хоць у Японіі і не купалілі так масава, як у нас, але шэсці з паходнямі там ладзілі таксама ўлетку.



Поиск

Журнал Родноверие