Слова «разьбяр» у адносінах да Віктара Дудкевіча нельга назваць дастатковым. Віктар Дудкевіч – хутчэй мастак-штукар, чым толькі рамеснік. Ён не толькі выразае фігуркі з дрэва, але пераасэнсоўвае на свой лад увесь свет. Апрача разьбы ў глыбоцкім Доме рамёстваў, Віктар малюе алеем канцэптуальныя карціны, стварае жартоўныя малюнкі на аснове беларускіх прыказак, адраджае старадаўнія тэхнікі друку, але ў першую чаргу аднаўляе дзіцячыя цацкі і стварае драўляны посуд. Калі камусьці пашанцуе зайсці ў Дом рамёстваў у Глыбокім і трапіць ў майстэрню Віктара Дудкевіча, таму будзе гарантавана падарожжа ў своеасаблівы, уласцівы беларускім мастакам свет, які нечым перагукаецца са светам самага славутага нашага летуценніка – Язэпа Драздовіча.

З Віктарам Дудкевічам, браслаўчанінам па нараджэнні і глыбачанінам па прапісцы, пагутарыў В.В.

В.В.: Спадар Віктар, калі Дарафей Фіёнік, з Музея малой айчыны ў Студзіводах на Падляшшы, паспрабаваў узнавіць мясцовую вытворчасць валёнкаў, выявілася, што гэтае рамяство ў гэтым беларускім рэгіёне ў Польшчы ўжо амаль цалкам забытае. А ці жывыя яшчэ беларускія рамёствы ў самой Беларусі?

Віктар Дудтевіч: Апрача вельмі пашыраных музычных і мастацкіх школаў, у Беларусі яшчэ існуе сетка Дамоў рамёстваў. Дарэчы, мы знаходзімся якраз у адным з найстарэйшых з іх. У снежні мы будзе адзначаць 25-годдзе. У нашай установе працуе дзевяць майстроў, напрыклад, ганчар, каваль, мастак па размалёўцы дываноў у стылі Язэпа Драздовіча, розныя адмыслоўцы па беларускай ляльцы, саломапляценні, вышыўцы, лозапляценні і іншых рамёствах. Дамы рамёстваў паўставалі з мэтай захавання і пашырэння асноўных відаў рамёстваў. Калі некалькі гадоў назад я паспрабаваў знайсці ў нашых ваколіцах бондара (майстра па вырабу бочак), мясцовыя гандляры на рынку сказалі мне, што, на вялікі жаль, апошні такі майстар ужо быў памёр. А тыя рамёствы, якія сталі складовай часткай дома рамёстваў, дзякуй богу, захаваліся. У кожнага майстра ёсць свае вучні, якія прыходзяць да або пасля школы на дадатковыя заняткі. Асабіста ў мяне ёсць шэсць такіх вучняў, якія два разы ў тыдзень на працягу дзвюх гадзін займаюцца вывучэннем разьбы па дрэве.

В.В.: А чым зарабляюць беларускія майстры, апрача працы штатнага рамесніка? Жыццё сапраўднага мастака паўсюль даволі складанае.

Віктар Дудкевіч: Дадатковы заробак прыносіць продаж сваіх прац. За 150 тысячаў рублёў (прыкладна 15 долараў) майстарскага падатку ў год мастак мае права на неабмежаваны продаж сваіх вырабаў. Нашыя працы можна набыць у краме дома рамёстваў, а таксама падчас шматлікіх фальклорных фэстаў і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Наша гільдыя ездзіць на такія фэсты пад адной “шыльдай”, але існуе таксама безліч фэстаў на якія пры жаданні можна ездзіць у індывідуальным парадку. У дом рамёстваў таксама часта заглядаюць ураджэнцы Глыбокага і Глыбоччыны, якія прыводзяць да нас сваіх знаёмых з блізкага і далёкага замежжа, і тыя ахвотна набываюць арыгінальныя сувеніры. Неўзабаве на плошчы, побач касьцёла, плануецца адкрыццё новай кавярні. Там будзе таксама невялічкая крама-выстава з вырабамі глыбоцкіх майстроў.

В.В.: Што найбольш захапляе вас менавіта ў працы з дрэвам?

Віктар Дудкевіч: Напэўна, гэта ніша, якую я знайшоў для сябе, а менавіта дзіцячыя, традыцыйныя цацкі. Нехта цікавіцца, напрыклад, адкуль пайшоў свет, а мяне цікавіць развіццё беларускіх народных цацак, якія, як можна здагадацца, звычайна вырабляліся з дрэва. Цацкі гэтыя мяняліся разам з развіццём тэхналогіі.

В.В.: Здаецца, што цацка была з’явай даволі рэдкай. Нават у маім адносна забяспечаным дзяцінстве ў мяне іх было толькі некалькі. Самай захапляльнай, напэўна, было кола, дакладней вобад ад кола, які трэба было ўводзіць у рух з дапамогай адмысловага рычагу з дроту. Наколькі папулярныя былі цацкі ў беларускай гісторыі?

Віктар Дудкевіч: Першыя цацкі былі паганскімі абярэгамі ад сполаху, суроку і падобнага. Дзяўчынкі гуляліся з лялькамі для спавівання. Яны былі зробленыя са зрыўкаў матэрыялу ці нейкіх іншых лахманоў. Больш дарослыя дзяўчынкі гуляліся з выразанай з дрэва формай, якая нагадвала немаўля. Былі таксама больш складаныя лялькі, якія разнімаліся. Маці магла паказваць дачцэ, колькі трэба сыпаць крупаў, а колькі ліць вады. Усё гэта мела на мэце падтрыманне традыцыйнага ладу жыцця, падрыхтаванне дзяўчынкі да адказнай ролі маці, якая чакала яе ў будучыні.

В.В.: Еўрапейскім феміністкам гэта наўрад ці спадабалася б…

Віктар Дудкевіч: Дзякуй богу, да нас гэта пакуль не дайшло (смяецца). У традыцыйнай беларускай культуры ў дзяўчатах стараліся паглыбіць жаночыя якасці, у хлапцах, адпаведна, — мужчынскія. Мой бацька мне апавядаў што хлопцы гуляліся з цацачнай зброяй ці са шпулькай ад калаўроту, якая ў дзіцячых забавах уяўлялася возам. Калі шпульку-воз трохі мацней уціснуць у зямлю, яна рабіла за сабой каляіну. Папулярнымі былі коні-гайдалкі, хадулі-дыбы, а таксама беларускі бейсбол – лапта. Усе гэтыя простыя і няпростыя цацкі стваралі цэлую своеасаблівую вобразнасць-свет. Даўней цацкі мелі практычную, пазнаваўчую і выхаваўчую, а не толькі забаўляльную, як гэта бывае сёння, функцыю.

В.В.: А які матэрыял пераважаў у вырабе беларускіх цацак? У крамах жа яны не прадаваліся і дзяцінства ў той час было вельмі кароткім. Часам даводзілася працаваць ужо з малых гадоў.

Віктар Дудкевіч: Цацкі былі вельмі простыя. Вырабляліся яны пераважна з гліны, саломы, матэрыялу, дрэва, пілавіння, з усяго таго, што ў сялянаў было пад рукой. Але якраз іх простасць і развівала дзіцячае ўяўленне. Адной з такіх цацак з’яўляецца звычайны кіёк з прапелерам (апавядаючы пра цацку, майстар бярэ яе ў рукі, раскручвае рукамі і пасылае ў кантраляванае паветраплаванне, і найпрасцейшая ў сьвеце цацка праз момант апынаецца раптам у маіх руках). Гэтая цацка была акурат выяўленая пры раскопках Ноўгарада, а з’явілася на некалькі добрых стагоддзяў да з’яўлення верталётаў. Цацкі павінны былі дзяцей не толькі забаўляць, але і інспіраваць на адкрыцці. Больш за тое, сам выраб цацак і абярэгаў меў рытуальны характар. Цацак для немаўлят нельга было вырабляць з дапамогай металаў, нельга было ўжываць іголкі ці нечага падобнага. Пры вырабе часта ўжываліся матэрыялы, якія належалі бацькам і дзядам, дзеля таго каб надаць рэчы аберагальную моц продкаў.

В.В.: Забава, выхаванне, развіццё цела і духу – а ці былі яшчэ нейкія іншыя функцыі ў даўніх беларускіх цацак?

Віктар Дудкевіч: Былі яшчэ вырабы, якія мелі больш іншы характар. Напрыклад, саламяныя павукі, карэц (драўляная чаша, з якой пілі) з выразаным знакам Перуна, або іншыя прылады штодзённага жыцця, упрыгожаныя рознымі ўзорамі, тыпу салярных знакаў.

В.В.: Маеце на ўвазе свастыкі?

Віктар Дудкевіч: Салярныя знакі гэта вельмі старадаўнія сымбалі. Кажуць, што свастыка, якая круціцца ў левы бок, сымбалізуе жаночы пачатак, тая, што ў правы, – мужчынскі. Салярныя знакі былі надзвычай пашыраныя на ўзорах беларускіх ручнікоў, ды на іншых дэкаратыўных вырабах беларусаў і не толькі. Аснова кожнага рамяства – гэта традыцыя.

Поиск

Журнал Родноверие