13-гадовая дзяўчынка, якая захапляецца фальклорам і пазіруе на хатнім свяцілішчы, выконвае рытуальную песню «Ляцела страла» на ўсю краіну.

У наступную нядзелю, 28 лютага ў 19:15 на беларускім тэлебачанні будзе паказаны выступ юнай фолк-спявачкі Патрыцыі Свіцінай. У конкурсе талентаў «Я магу» 13-гадовая спявачка спявае рытуальную песню, прысвечаную веснавому Пахаванню стралы.

У прамым эфіры ў падтрымку песні можна будзе адаслаць смс-паведамленне.

Як паведамляюць, Патрыцыя «не толькі спявае, але вывучае беларускія традыцыйныя танцы, цікавіцца беларускай арнаментыкай і збірае народныя інструменты. Асабліва ёй падабаецца граць на акарыне«.

У абрадзе Пахавання стралы яна ўдзельнічала непасрэдна:

«Там бабулі праводзілі абрад. Гэта не былі фалькларысты, а проста носьбіты абраду. Тыя, хто захаваў абрад. Я таксама брала удзел разам з імі«.

Спявачка адзначае: «Кожны год бачу на абрадах усё больш людзей. Як і ў наш час, так і сто год таму казалі, што традыцыі паміраюць, хутка ўсё тое забудуць — а традыцыі захоўваюцца і культура беларусаў жыве«.

* * *

Штогод аддаўна ў Веткаўскім раёне на паўднёвым усходзе Беларусі хаваюць «грамавую стралу». У 2014 г. упершыню супраць архаічнай часткі абраду выступіў мясцовы праваслаўны святар.

Малады прысланы святар намовіў, каб ікону «Свяча» з хаты ў хату пераносілі, а ляльку «Страла» ў полі не закопвалі: «Хто пойдзе закапваць стралу, я таго прычашчаць не буду, не прыходзьце нават«. Мясцовыя жыхары на гэта адказалі: «Гэта даўным-даўно не з нас пачалося, не на нас скончыцца. Няхай як хоча, а ўсё роўна ж мы пойдзем«.

Пішуць, што «менавіта ў паўночную Гіпербарэю рэгулярна выпраўляўся грэцкі бог Апалон хаваць свае залатыя стрэлы. У паўднёва-ўсходняй Беларусі яшчэ і дагэтуль абрад Пахавання стралы застаецца жывой традыцыяй і рэгулярна ладзіцца ў тэрміны, якія адпавядаюць старагрэцкім таргеліям — святу ў гонар Апалона і Артэміды» (май-чэрвень).

Падчас свята таргеліяў ключавой падзеяй адпачатку было ахвяраванне двух чалавек (pharmakоi), мужчыны і жанчыны. Яны пазначаліся чорным і белым колерам ды ўвасаблялі блізнятаў — сімвал плоднасці. Дык і падчас Пахавання стралы ў зямлю закопваюць чалавекападобную ляльку, якая забяспечвае прыплод і ўраджай.

Поиск

Журнал Родноверие