Удзельнікі Еўрапейскага кангрэсу этнічных рэлігій запатрабавалі доступу да святых месцаў Еўропы і выбралі 2-га прэзідэнта ECER.

У пачатку ліпеня ў Вільні адбылася 16-я па ліку канферэнцыя Еўрапейскага кангрэсу этнічных рэлігій. Заснаваная ў 1998-м годзе асацыяцыя аб’ядноўвае вызнаўцаў традыцыйных этнічных рэлігій з усёй Еўропы. У сёлетняй канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі з 12 еўрапейскіх краін.

Упершыню за 16 гадоў Кангрэс прыняў новую Дэкларацыю. У ёй адмыслова падкрэсліваецца:

«Мы патрабуем ад усіх урадаў актыўна паклапаціцца пра захаванне і абарону еўрапейскіх адвечных святых месцаў — будзь яны рукатворнымі структурамі або натуральнымі мясцінамі. Свабодны і адкрыты доступ да такіх месцаў павінен быць забяспечаны для этнічных еўрапейскіх рэлігій, якія хацелі б выкарыстоўваць іх з мэтамі ўшанавання і духоўнага святкавання».

Новым прэзідэнтам ECER, замест памерлага ў студзені лідара «Рамувы» светлай памяці Ёнаса Трынкунаса, стаў прадстаўнік Іспаніі Андрас Корбан.

Ён паходзіць з паўночнай часткі Іспаніі — Галісіі. Гэтая частка Іспаніі вядомая тым, што туды ў 1-й палове І тысячагоддзя эмігравала частка галіндаў — заходніх балтаў з тэрыторыі цяперашняй Польшчы. Таму, як з усмешкай падкрэсліваюць, кіраванне еўрапейскімі паганцамі не выйшла з балцкіх рук.

У інтэрвію «Wild Hunt» новы ачольнік ECER адзначыў, што паганцы Еўропы маюць дзве праблемы, у залежнасці ад краіны:

«Сітуацыя ў Еўропе з’яўляецца складанай.

З аднаго боку, у некаторых краінах — такіх, як Грэцыя, Расія, Літва — апазіцыю супраць паганства ўзначальваюць асноўныя рэлігійныя арганізацыі, у прыватнасці рымска-каталіцкая і праваслаўная цэрквы. Перашкоды могуць быць і чыста бюракратычнымі — рэлігійныя ўлады ў прыватным парадку патрабуюць ад чыноўнікаў скасаваць легальны статус паганскай рэлігіі. І адкрыта варожымі — асуджэнняў і фальшывых абвінавачванняў супраць паганскіх рэлігій з боку высокага хрысціянскага духавенства, часта прама з амбона, і такія заявы могуць глыбока ўплываць на грамадскую думку. Даходзіць да прамога фізічнага гвалту супраць індывідуўмаў-паганцаў, таксама як і ў дачыненні да святых месцаў, гэта могуць здзяйсняць рэлігійна-накручаныя групы бандытаў, якіх, у некаторых выпадках, (неафіцыйна) падбухторвае царква, як гэта адбываецца ў Італіі, Польшчы і Ўкраіне.

З іншага боку, у такіх краінах, як Германія і асабліва Францыя, якія зрабіліся шмат у чым секулярнымі, развіўся паўсюдны цынізм і недавер да рэлігіі любога роду, у тым ліку да паганства. Перашкоды, што маюць месца ў такіх краінах, гэта хутчэй млявасць і расчараванне, чым адкрытая варожасць, але яны з’яўляюцца не менш важкімі перашкодамі».


Поиск

Журнал Родноверие